ГА́ННА КАМНІ́НА

(Anna Komnēnē; 1.12.1083, г. Канстанцінопаль, цяпер г. Стамбул, Турцыя — каля 1154),

візантыйскі гісторык, пісьменніца. Дачка імператара Аляксея І Камніна, жонка дзярж. дзеяча і гісторыка Нікіфара Врыенія. Вывучала л-ру, філасофію, гісторыю, геаграфію і інш. Пасля смерці бацькі (1118) узначаліла няўдалую змову з мэтай скінуць свайго брата Іаана II Камніна і пасадзіць на трон мужа. Трапіўшы ў апалу, канец жыцця правяла ў манастыры. Пасля смерці мужа (каля 1140) давяла да канца яго няскончаныя «Гістарычныя запіскі» (пазней выкарыстала іх у «Алексіядзе»). У 1148 завяршыла свой гіст. твор «Алексіяда», які ахоплівае падзеі 1069—1118. Нягледзячы на суб’ектывізм і тэндэнцыйнасць, твор — адзін з лепшых помнікаў візант. прозы, каштоўная крыніца па гісторыі Візантыі і 1-га крыжовага паходу.

Тв.:

Рус. пер. — Алексиада. СПб., 1996.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;

Dalven R. Anna Comnena. New-York,1972.

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)